30 жніўня ў Віцебску прайшоў марш «Міру і незалежнасці», які супаў з днём нараджэння Аляксандра Лукашэнкі.
Збор анансавалі ў 14 гадзін на Плошчы Перамогі, аднак, людзі пачалі збірацца каля цэнтральнага ЗАГСа і гандлёвага цэнтру «Marko city», бо Плошча Перамогі была агароджаная і ўзмоцнена кантралявалася сілавікамі.
Людзі вырашылі не стаяць на адным месцы, каб не адбылося так званых «хапуноў» і пачалі рухацца да Плошчы Свабоды. Гараджане актыўна далучаліся да пратэстоўцаў падчас руху калоны. Потым яна разгарнулася і пачала рушыць па цэнтру гораду: па вуліцах Леніна, Фрунзэ, Смаленскай. Людзі скандавалі лозунгі: «Жыве Беларусь!», «З днём нараджэння! Сыходзь!», «Лукашэнку ў аўтазак!»
Акцыю суправаджалі мікрааўтобусы без апазнавальных знакаў і міліцыянты, якія не ўмешваліся. Была спроба затрымаць кіроўца таксі з бел-чырвона-белым сцягам. Пратэстоўцы кінуліся выручаць таксіста і яго адпусцілі.
Далей калона выйшла на Маскоўскі праспект, прайшла па праспектах Перамогі і Будаўнікоў. Людзі спявалі песні, апладзіравалі. Усяго ў акцыі прынялі ўдзел не менш чым за тысячу чалавек. Паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», затрыманых падчас акцыі ў Віцебску няма.
Святаслаў Бруйко